МАРСКІ́ ТРА́НСПАРТ,
адзін з асн. відаў транспарту, які ажыццяўляе перавозкі грузаў і пасажыраў спец. марскімі суднамі па акіянах і морах. Шырока выкарыстоўваецца для міжнар. і ўнутр. перавозак (гл. Кабатаж). М.т. мае шэраг тэхн.-эканам. пераваг у параўнанні з інш. відамі транспарту: меншыя затраты працы на ажыццяўленне перавозак, неабмежаваная прапускная здольнасць, параўнальна высокая правазная здольнасць рухомага саставу, меншыя ўдзельныя затраты энергіі і паліва, адносна нізкі сабекошт перавозак. М.т. уключае судны розных відаў і прызначэння, марскія лініі і парты, суднарамонтныя прадпрыемствы і суднапад’ёмнае абсталяванне, сродкі сувязі і электрарадыёнавігацыі і інш.
М.т. вядомы ў стараж. краінах задоўга да н.э. Першыя марскія судны былі вёсельныя. Вынайдзены пазней ветразь на многія стагоддзі стаў гал. рухавіком суднаў. Паравая машына дазволіла стварыць першыя самаходныя судны з мех. рухавіком — параходы, рухавік унутр. згарання — цеплаходы, атамны рэактар — атамаходы. Сучасныя марскія судны — складаныя інж. збудаванні, грузападымальнасць асобных з іх дасягае 500 тыс. т, а магутнасць энергет. устаноўкі перавышае 74 тыс. кВт. Судны М.т. падзяляюцца на пасажырскія, сухагрузныя, наліўныя (танкеры) і службова-дапаможныя.
т. 10, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)